ВАШЫНГТОН. Дзяржаўны сакратар ЗША Колiн Паўэл накiраваўся на Блiзкi Ўсход, каб паспрабаваць аднавiць мiрныя перамовы памiж iзраiльцамi i палестынцамi. Паўэл мае сустрэцца з iзраiльскiм прэм’ер-мiнiстрам Арыелем Шаронам i з палестынскiм прэм’ер-мiнiстрам Махмудам Абасам.
Напярэдаднi вiзыту прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выступiў зь iнiцыятывай пакту аб свабодным гандлi на Блiзкiм Усходзе. Паводле Буша, падвышэньне жыцьцёвых стандартаў у арабскiх краiнах мусiць прадухiлiць экстрэмiзм i гвалт.
(Буш: ) “Агульны Валавы ўнутраны прадукт усiх арабскiх краiнаў разам меншы, чым ў Гiшпанii. Арабскiя народы маюць менш доступу да Інтэрнэту чым людзi ў рэгiёне пустынi Сахара ў Афрыцы. Арабскi сьвет мае вялiкую культурную традыцыю, але значна адстае ад эканамiчнага прагрэсу нашага часу”.