КІНШАСА. Ад 130 да 160 чалавек загінулі ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга ў выніку аварыі на авіяляйнэры, які ляцеў па ўнутранай авіялініі. На вышыні 2 з паловай тысячаў мэтраў у пасажырскім салёне самалёта раптоўна адарваліся дзьверы – парушылася гэрмэтызацыя. На борце авіяляйнэру Іл-76 савецкай вытворчасьці былі каля дзьвюх сотняў чалавек – вайскоўцы й іхныя сем'і. Дакладную колькасьць ахвяраў вызначыць немагчыма. Улады, пакуль што, афіцыйна прызналі сьмерць толькі сямі асобаў. Каму належыць самалёт – пакуль што таксама невядома. На ягоным фэзюляжы надпіс: «Украінскія грузавыя авіялініі», але паводле заходніх інфармацыйных агэнстваў, самалётам кіраваў расейскі экіпаж.