ЕРУСАЛІМ. Ізраіль не пачне рэалізацыю мірнага пляну развязваньня блізкаўсходняга канфлікту “дарожнай мапы” да таго часу, пакуль прэм’ер-міністар Ізраілю Арыэль Шарон не выкладзе свае супярэчаньні на сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам. Пра гэтае паведаміў сёньня дарадца ізраільскага прэм’ера Залман Шовал. Плян прадугледжвае стварэньне палестынскае дзяржавы праз тры гады. “Дарожная мапа” закрытая для зьменаў, але ж магчымае абмеркаваньне выкананьня мірнага пляну. Ізраіль не пагаджаецца з тым, каб чатыры мільёны палестыскіх уцекачоў і іх нашчадкі вярнуліся на тэрыторыі, якія зараз належаць ізраільскай дзяржаве. Паводле палестынскага боку, Ізраіль стрымлівае рэалізацыю мірнага пляну развязваньня канфлікту. Падчас цырымоніі ўшанаваньня памяці ізраільскіх вайскоўцаў, забітых пачынаючы ад 1948 году, Арыэль Шарон сказаў, што зараз існуе новы шанец вырашыць канфлікт, аднак гэтая надзея базуецца на моцы ізраільскага войска, а не на мірным пляне.