ВАШЫНГТОН. Генэральны сакратар NATO Джордж Робэртсан кажа, што гэтая арганiзацыя пакуль ня вызначыла, цi будзе яна адыгрываць нейкую ролю ў пасьляваенным Іраку.
Такую заяву Робэртсан зрабiў учора па сканчэньнi закрытай канфэрэнцыi ў Вашынгтоне, якая была прысьвечаны адносiнам NATO i Ўкраiны. Робэртсан таксама паведамiў, што NATO прыме на сябе падтрыманьне бясьпекi ў Афганiстане.
Адносiны памiж Злучанымi Штатамi i ключавымi сябрамi NATO Францыяй i Нямеччынай значна пагоршылiся ў апошнiя месяцы, бо Парыж i Бэрлiн выступiлi супраць вайны ў Іраку.
Джордж Робэртсан таксама заявiў, што адносiны NATO з Украiнай паляпшаюцца. Гэтыя адносiны сталiся напружанымi пасьля таго, як летась Украiну зьвiнавацiлi ў продажы Іраку радарных сыстэмаў.
(Робэртсан: ) “Мы мелi некаторыя напружаныя моманты за апошнi год памiж NATO i Ўкраiнай, але я думаю, што цяпер адбываюцца значныя зьмены."
Аднак калi Робэртсана запыталi пра магчымасць далучэньня Украiны да NATO, ён адказаў, што Альянс не разглядае магчымасьць далучэньня новых краiнаў у найблiжэйшай будучынi.