МАСКВА. Прэзыдэнты ЗША й Расеі Джордж Буш і Владзімір Пуцін ў часе сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе, якая пройдзе ў гэтым месяцы, сярод іншага абмяркуюць пытаньні супрацоўніцтва ў сфэры супрацьракетнай абароны. Як падкрэсьліў прадстаўнік расейскага міністэрства замежных справаў Аляксандар Якавенка, праблемы ў гэтым пытаньні зьвязаныя з Дамовай пра скарачэньне наступальных патэнцыялаў, якую летась падпісалі абодвы прэзыдэнты і якая, як чакаецца, будзе да канца траўня ратыфікаваная Дзяржаўнай Думай. Масква лічыць памылковай пастанову Вашынгтону выйсьці з Дамовы пра супрацьракетную абарону 1972 году й пачаць стварэньне новай сістэмы.