АНКАРА. Моцны землятрус адбыўся сёньня ў турэцкай правінцыі Бінгёль. На гэты час загіблымі лічуцца 84 асобы і прыблізна 390 – параненымі. 150-200 чалавек знаходзяцца пад разбуранымі будынкамі. Бальшыня зь іх – вучні мясцовай школы-інтэрнату. Каля 50-дзяцей выратавальнікі ўжо выцягнулі з-пад завалаў. Выратавальная праца працягваецца. Лекары дзяржаўнай лякарні патрабуюць дапамогі, але паводле прэм'ер-міністра Турэччыны Эрдагана, краіна пакуль што не патрабуе міжнароднай дапамогі. Тым часам урад Нямеччыны заявіў пра гатовасьць выслаць у зону землятрусу выратавальныя каманды і даць мэдычную, харчовую ды іншую дапамогу. Сіла землятрусу склала 6.4 балу паводле шкалы Рыхтара. Усяго было зафіксавана больш як 50 штуршкоў. Найбольшы зафіксаваны землятрус у гэтым раёне адбыўся ў 1971 годзе. Ён забраў жыцьці дзевяцісот чалавек.