ПАЛАСА ГАЗА. Сёньня на першым паседжаньні габінэту міністраў Махмуда Абаса абмяркоўваўся інцыдэнт у Паласе Газа, у выніку якога былі забітыя 7 палестынцаў, яшчэ двух палестынцаў забілі ля места Гэброн на Заходнім беразе. Апэрацыя праводзілася ў адказ на нядаўні самагубчы тэракт у Тэль-Авіве. Габінэт Махмуда Абаса заклікаў міжнародную супольнасьць суняць ізраільскіх вайскоўцаў. На паседжаньні кабінэту адсутнічаў Ясір Арафат. Учора абодвум бакам канфлікту была перададзеная так званая “дарожная мапа” – мірны плян спыненьня канфлікту паміж ізраільцамі й палестынцамі. Палестынскі міністр працы Гасан Аль-Хаціб назваў сёньняшнія падзеі ў дачыненьні да мірнага пляну разбуральнымі. Ізраільскі міністр абароны Шаул Мофаз паведаміў пра стварэньне адмысловага камітэту дзеля правядзеньня перамоваў з Палестынай у пытаньнях бясьпекі.