ВАШЫНГТОН. Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл выехаў з Вашынгтону ў паездку па краінах Эўропы й Блізкага Ўсходу. Сёньня ў Мадрыдзе ён сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Гішпаніі Хасэ Марыя Аснарам і міністрам замежных справаў Аной Палясыё. Паведамляецца, што Паўэл выкажа Гішпаніі ўдзячнасьць за падтрымку ваеннай апэрацыі ў Іраку. Заўтра Паўэл прыбудзе ў Альбанію, дзе зь міністрамі замежных справаў Альбаніі, Харватыі й Македоніі падпіша так званую Амэрыканскую Адрыятычную Хартыю. Потым дзяржаўны сакратар наведае Сірыю й Ліван. Там, сярод іншага Паўэл паспрабуе пераканаць кіраўніцтва Сірыі спыніць падтрымку экстрэмісцкай групоўкі Хэзбалах, якая дзейнічае на тэрыторыі суседняга Лівану.