ТАРОНТА (КАНАДА). Канадзкiя ўлады паведамiлi пра сьмерць яшчэ трох чалавек ад вiрусу САРС, якi выклiкае сьмяротна небясьпечную форму пнэўманii. На сёньня ад гэтага вiрусу ў раёне канадзкага гораду Таронта памерлi прынымсi 19 чалавек.
Прэм’ер-мiнiстар Канады Жан Крэцьен паведамiў журналiстам, што, нягледзячы на гэта, паседжаньне канадзкага ўраду ў Таронта на наступным тыднi ўсё роўна адбудзецца.
Канада найболей церпiць ад вiрусу САРС сярод краiнаў па-за межамi Азii. Учора старшыня Таронцкага аддзелу Згуртаваньня беларусаў Канады Надзея Дробіна паведамiла нашаму радыё, што з канадзкiх беларусаў пакуль на САРС нiхто не захварэў.
Найболей ахвяраў ад новай хваробы панеслi Ганконг i Кiтай – там, паводле афiцыйных лiчбаў, памерлi 116 i 115 чалавек.