ПЭКІН. Прадстаўнiкi ЗША i Паўночнай Карэi правялi сёньня кароткую сустрэчу ў Пэкiне ў межах перамоваў наконт паўночнакарэйскай ядзернай праграмы. Паводле Дзяржаўнага сакратара ЗША Колiна Паўэла, удзельнiкi перамоваў цяпер мусяць прааналiзаваць узаемныя прапановы.
Выступаючы ўчора перад Азiяцка-цiхаакiянскай радай у Вашнгтоне, амэрыканскi дзяржсакратар падкрэсьлiў, што Злучаныя Штаты ды iх саюзьнiкаў нельга запалохаць ваяўнiчымi заявамi i пагрозамi. Учора ж афiцыйная агенцыя навiнаў Паўночнай Карэi, зьвiнавацiла амэрыканскае кiраўнiцтва ў варожай палiтыцы i абвастрэньнi крызысу.
Сустрэча ў Пэкiне на гэтым тыднi была першай памiж прадстаўнiкамi ЗША i Паўночнай Карэi з таго часу, як мiнулай восеньню афiцыйны Пхэньян абвесьцiў аб рашэньнi аднавiць сваю ядзерную праграму.
ЗША жадаюць, каб Паўночная Карэя спынiла сваю ядзерную праграму – у адказ Пхэньян патрабуе гарантыяў бясьпекi. На ўчорашнiм брыфiнгу ў Вашынгтоне прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр адмовiўся камэнтаваць паведамленьнi аб тым, што Паўночная Карэя паведамiла прадстаўнiкам ЗША падчас цяперашнiх перамоваў, што ўжо мае ядзерную зброю. У iнтэрвiю амэрыканскаму тэлебачаньню прэзыдэнт ЗША Джордж Буш зьвiнавацiў Паўночную Карэю ў шантажы.