Эр-РЫЯД. Сёньня ўлады краiнаў, якiя мяжуюць зь Іракам, заявiлi, што амэрыканскiя i брытанскiя войскi мусяць як мага хутчэй пакiнуць iрацкую тэрыторыю. Агульную заяву падпiсалi пасьля сустрэчы ў горадзе Рыяд мiнiстры замежных справаў Савудаўскай Арабii, Кувэйту, Сырыi, Ярданii, Турцыi ды Ірану. Усе гэтыя краiны маюць мяжу зь Іракам. Да заявы таксама далучылiся мiнiстры замежных справаў Эгiпту i Бахрэйну.
У заяве гаворыцца, што iрацкi народ мусiць сам кiраваць сваёй краiнай i што Арганiзацыя аб’яднаных нацыяў павiнна адыгрываць адну з галоўных роляў у адбудове Іраку.
Мiнiстры таксама асудзiлі пагрозы Злучаных Штатаў на адрас Сырыi. ЗША вiнавацяць Сырыю ва ўкрывальнiцтве прадстаўнiкоў рэжыму Садама Хусэйна i ў распрацоўцы хiмiчнай зброi. Сырыя адкiдае гэтыя абвiнавачаньнi.