БАГДАД. Саюзнае войска наўрад ці зможа адшукаць ірацкую зброю масавага зьнішчэньня без дапамогі саміх іракцаў – заявіў міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд. Трэба знайсьці людзей, якія прывядуць нас да патаёмных сховаў. Вашынгтон лічыць, што вяртаньне йнспэктараў ААН у Йрак на гэтым этапе немагчымае – пакуль не стабілізуецца сытуацыя ў краіне. Нядаўна кіраўнік камісіі ў раззбраеньні Йраку Ганс Блікс вабвесьціў, што экспэрты ААН гатовыя вярнуцца ў краіну. У Багдадзе вайскоўцы ЗША пры дапамозе мясцовых адмыслоўцаў працягваюць аднаўленьне сталічнай інфраструктуры, перад усім – падачу электрычнасьці й вады.