АТЭНЫ
Лідары Эўразьвязу паспрабуюць сёньня прыглушыць свае рознагалосьсі і прыняць агульную заяву наконт вайны ў Іраку ў другі дзень саміту Эўразьвязу. Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак заявіў, што ў тэксце сумеснай заявы, якая распрацоўваецца Францыяй, Брытаніяй, Нямеччынай і Гішпаніяй, утрымліваецца заклік да цэнтральнай ролі ААН у пасьляваенным Іраку. Пра гэта ж заявіў і Гэнеральны сакратар ААН Кофі Анан, які прысутнічае на сустрэчы. Учора на саміце адбылася цырымонія далучэньня да Эўразьвязу 10 новых сябраў. Сёньня прадстаўнікі трох краінаў-кандыдатаў – Баўгарыі, Румыніі і Турэччыны, разам з такімі дзяржавамі, як Харватыя і Югаславія, а таксама Расея ды Украіна правядуць перамовы пра шырэйшую эўрапейскую інтэграцыю.