Багдад Амэрыканскія войскоўцы стварылі ў ірацкай сталіцы апэратыўны цэнтар, які будзе займацца жыцьцезабесьпячэньнем гораду: захаваньнем парадку і забесьпячэньнем жыхароў вадою, электрычнасьцю і мэдычным абслугоўваньнем. Аднак як заявіў міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд галоўнай задачаю амэрыканскіх вайскоўцаў у Іраку застаецца вызваленьне населеных пунктаў, якія войскі кааліцыі абышлі, наступаючы на Багдад. У гэтых гарадох паводле Рамсфльда маглі застацца ірацкія вайсковыя аддзелы, верныя Садаму Гусэйну. Міністар Рамсфэльд падкрэсьліў, што рэжым Гусэйна мусіць быць вычышчаны з кожнага кутку Іраку.
Сёньня ў Багдад упершыню пасьля падзеньня рэжыму Гусэйна прыбыў кіраўнік амэрыканскімі войскамі ў Іраку генерал Томмі Фрэнкс.
Сёньня ж марскія пехацінцы ЗША знайшлі ў Іраку лягер падрыхтоўкі тэрарыстаў. Як паведамляецца, лягерам кіравалі ўрад Іраку і “Фронт вызываленьня Палестыны”. Тэрарыстаў вучылі, як вырабляць бомбы, як трымаць сябе на допытах. У лягэры знойдзеныя дакумэнты, выбухоўка, адгазьнікі. Курсанты і выкладчыкі пакінулі лягер зусім нядаўна.
Тым часам палітычныя і рэлігійныя дзеячы Іраку, якія сабраліся ў горадзе Ур , прынялі сумесную заяву, у якой заклікалі да хутчэйшага абраньня новага кіраўніцтва краіны ірацкім народам. У заяве гаворыцца таксама пра неабходнасьць роспуску апірышча рэжыму Гусэйна – партыі БААС. На нарадзе адсутнічалі прадстаўнікі шыіцкай “Вышэйшай рады ісламскай рэвалюцыі”, якая базуецца ў Іране. Тым часам ў горадзе Насырыя прайшла шматтысячная дэманстрацыя, удзельнікі якой пратэставалі супраць плянаў стварэньня ў Іраку часовай амэрыканскай ваенай адміністрацыі. Паводле плянаў гэтая адміністрацыя мусіць кіраваць краінаю ня меньш як поўгады.