БАГДАД Амэрыканскія ваенныя заяўляюць, што Багдад больш не знаходзіцца пад кантролем Садама Хусэйна. Паводле амэрыканскага брыгаднага гэнерала Вінсэнта Брукса, насельніцтва Іраку пачынае разумець, што з рэжымам Хусэйна пакончана. Многія жыхары ірацкай сталіцы выйшлі на вуліцы адзначаць прыход кааліцыйных войскаў, яны выказвацюь радасьць і рвуць партрэты Садама Хусэйна. Амэрыканскія марскія пэхацінцы ськінулі велічэзную бронзавую статую Садама Хусэйна ў цэнтры Багдаду неўзабаве пасьля таго, як амэрыканская бронетэхніка захапіла цэнтар ірацкай сталіцы. З дапамогай амэрыканскай ваеннай тэхнікі 6-мэтровая статуя, якая стаяла на вялікім п’едэстале, была зьнесеная. Сотні іракцаў віталі гэтую апэрацыю і потым таньчылі на месцы, дзе была статуя. Многія жыхары Багдаду сёньня разбураюць сымбалі рэжыму Садама Хусэйна, аскэпкі якіх можна бачыць па ўсім горадзе. Разам з тым іншыя багдадцы заняліся марадзёрствам, рабуючы багатыя дамы і маёнткі. Паводле Брукса, у Багдадзе ды іншых рэгіёнах краіны яшчэ застаюцца некаторыя ачагі супраціву.