БАГДАД. Прадстаўнiкi войскаў ЗША кажуць, што амэрыканскiя сiлы захапiлi частку мiжнароднага аэрапорту Садам у 20 кiлямэтрах ад Багдаду. Паведамляецца, што амэрыканскiя вайскоўцы не сустрэлi сур’ёзнага супрацiву на падыходах да сталiцы Іраку. Таксама паведамляецца, што самалёты каалiцыi сёньня зранку зноў бамбавалi цэнтар Багдаду.
Учора на брыфiнгу ў Пэнтагоне мiнiстар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд заявiў, што каалiцыйныя войскi фактычна стаяць на мяжы iрацкай сталiцы.
(Рамсфэльд: ) “Сiлы каалiцыi наблiжаюцца да Багдаду. Яны ўзялi пад кантроль некалькi сумежных раёнаў i цяпер знаходзяцца блiжэй да цэнтру iрацкай сталiцы, чым многiя амэрыканцы ад сваiх офiсаў, калi яны езьдзяць на працу з прымесьцяў”.
Прадстаўнiкi каалiцыйных сiлаў паведамляюць, што амэрыканскiя танкi вялi баi на паўдзённай мяжы Багдаду. У iрацкай сталiцы ўпершыню з пачатку вайны зьнiкла электрычнасьць. Аднак прадстаўнiкi Пэнтагону кажуць, што амэрыканскiя войскi не бамбавалi аб’екты энэргазабесьпячэньня. Тым часам улады Іраку апублiкавалi чарговы заклiк да змаганьня ад iмя iрацкага лiдэра Садама Хусэйна.