АРГАНІЗАЦЫЯ АБ’ЯДНАНЫХ НАЦЫЯЎ. Адзiн з кiраўнiкоў ААН заявiў, што Злучаныя Штаты, ня маюць законнага права вырашаць, якiя кампанii будуць аднаўляць нафтавую прамысловасьць Іраку пасьля вайны. Адмiнiстратар праграмы разьвiцьця ААН Марк Мэлак Браўн кажа, што жэнэўская канвэнцыя дазваляе акупацыйным уладам прымаць рашэньнi толькi ў неадкладных надзённых пытаньнях, калi яны ня маюць дадатковага дазволу Рады бясьпекi ААН. Мiнiстэрства абароны ЗША вырашыла, што аднаўленьнем iрацкай нафтавай галiны пасьля вайны будзе займацца былы кiраўнiк амэрыканскай нафтавай кампанii. Паведамляецца, што амэрыканскiя кампанii чакаюць выгадных кантрактаў у гэтай сфэры.