КАТАР. Вайскоўцы Злучаных Штатаў паведамілі, што сілы саюзьнікаў зьнішчылі дывізію Багдад ірацкай рэспубліканскай гвардыі. Апэрацыя адбылася недалёка ад места Кат на поўдзень ад Багдаду. Генерал Вінсэнт Брук сёньня заявіў, што ў баях за горад Кербала бяруць удзел яшчэ дзьве дывізіі рэспубліканскай гвардыі. Заходнія інфармацыйныя агенцтвы паведамілі, што па словах аднаго з афіцэраў ЗША войска кааліцыі ўжо знаходзіцца на адлегласьці ад 30 да 45 кілямэтраў ад Багдаду. Так званыя “жывыя шчыты” – людзі, якія ехалі ў Ірак абараняць грамадзкія аб’екты, сёньня ў Ярданіі абверглі інфармацыю йрацкага кіраўніцтва, што яны былі абстраляныя амэрыканскімі самалётамі.