Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 05:56 ]  Беларусь -- сярод найгоршых у правах чалавека


ВАШЫНГТОН. Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША апублiкаваў штогадовую справаздачу аб сытуацыi з правамi чалавека ў краiнах сьвету. Беларусь у справаздачы патрапiла ў лiк сур’ёзных парушальнiкаў. У справаздачы пiшацца, што Бальканскiя краiны i некаторыя iншыя рэгiёны сьвету за мiнулы год дасягнулi прагрэсу у пытаньнях правоў чалавека i дэмакратыi. У прыватнасьцi, адзначаюцца мiрныя выбары ў Македонii, ў Босьнii i Герцагавiне, а таксама крокi да магчымых дэмакратычных зьменаў у мусульманскiх краiнах, такiх як Бахрэйн i Марока. У справаздачы таксама гаворыцца, што новы расейскi крымiнальна-працэсуальны кодэкс ёсьць ключавым крокам да праўнай рэформы ў Расеi. Аднак у справаздачы падкрэсьлiваецца, што асноўныя правы чалавека па-ранейшаму парушалiся ў многiх краiнах. Найгоршым парушальнiкам Дзярждэпартамэнт назваў Ірак, зь якiм Злучаныя Штатыт цяпер вядуць вайну. Прадстаўляючы справаздачу, дзяржсакратар ЗША Колiн Паўэл сказаў: (Паўэл: ) “Рэжым Садама Хусэйна – гэта клясычная iлюстрацыя таго факту, што такiя рэжымы, якiя бязьлiтасна парушаюць правы сваiх грамадзянаў, нясуць найбольшую пагрозу мiжнароднаму мiру i стабiльнасьцi”. Паводле справаздачы, спэцслужбы i Рэспублiканская Гвардыя Іраку адказныя за забойствы, катаваньнi i зьнiкненьнi людзей. Сярод iншых сур’ёзных парушальнiкаў справаздача называе былыя савецкiя рэспублiкi Цэнтральнай Азii, Іран, Кiтай, а таксама Беларусь, Расею i Украiну. У той час, як сытуацыя з правамi чалавека ў Расеi ды Ўкраiне называецца “кепскай”, сытуацыю у Беларусi справаздача характарызуе як “вельмi кепскую”. У прыватнасьцi, у справаздачы гаворыцца, што беларускiя ўлады пазбавiлi грамадзян права дэмакратычнай зьмены ўраду. Па-ранейшаму абмяжоўвалася свабода слова, прэсы, сабраньняў i аб’яднаньняў. У справаздачы адзначаецца, што беларускiя ўлады прынялi некалькi законаў, якiя надалей абмежавалi гэтыя свабоды, а таксама свабоду веравызнаньня. Узгадваюцца факты зьняволеньня за прафэсiйную дзейнасьць журналiстаў Вiктара Івашкевiча, Паўла Мажэйкi i Мiколы Маркевiча.
XS
SM
MD
LG