Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 06:09 ]  Абодва бакi кажуць, што задаволеныя ходам вайны ў Іраку

БАГДАД. Каалiцыйныя сiлы сёньня працягвалi бамбаваць Багдад. Нашыя карэспандэнты таксама паведамляюць, што амэрыканскiя войскi абстрэльваюць пазыцыi iрацкай Рэспублiканскай Гвардыi прыкладна ў 80 кiлямэтрах на поўдзень ад Багдаду, каля гораду Кербэла. Паведамляецца, што далей на поўдзень амэрыканскiя сiлы ўзялi ў аблогу горад Нэджэф. Камандуючы апэрацыяй у Іраку, амэрыканскi генэрал Томi Фрэнкс заявiў, што каалiцыйныя сiлы дасягнулi вельмi значнага прагрэсу ў вайне. Выступаючы ўчора на брыфiнгу ў эмiраце Катар, Фрэнкс абверг паведамленьнi, што сухапутным сiлам было загадана прыпынiць наступ на Багдад з-за моцнага iрацкага супрацiву i расьцягнутых лiнiяў забесьпячэньня. Мiнiстар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд адкiнуў абвiнавачваньнi ў тым, што ён пачаў вайну, маючы недастаткова сухапутных сiлаў. Ён аднак сказаў, што iрацкi супрацiў будзе ўзмацняцца па меры таго, як амэрыканскiя войскi наблiжаюцца да Багдаду. Намесьнiк прэм’ер-мiнiстра Іраку Тарык Азыз заявiў, што зь iрацкага гледзiшча вайна iдзе вельмi добра. У iнтэрвiю амэрыканскаму тэлеканалу Эй-Бi-Сi Азыз таксама сказаў, што iракцы маюць права выкарыстоўваць у вайне супраць захопнiкаў любыя сродкi, у тым лiку i самагубчыя напады. У суботу ад такога нападу загiнулi 4 амэрыканскiя салдаты. Прэсавы сакратар iрацкiх войскаў Хазым аль-Ракi ўчора заявiў, што плануюцца новыя самагубчыя апэрацыi, у тым лiку дабраахвотнiкамi зь iншых арабскiх краiнаў. Паведамляецца, што групоўка Ісьлямскi Джыгад, якая базуецца ў Палестыне, даслала ў Багдад групу ваяўнiкоў-камiкадзэ. Тым часам мiнiстар замежных справаў Іраку Наджы Сабры ў лiсьце да генэральнага сакратара ААН Кофi Анана пiша, што 420 мiрных грамадзянаў Іраку загiнулi i прынамсi 4 тысячы былi параненыя з пачатку вайны.
XS
SM
MD
LG