НЬЮ-ЁРК. Колькасьць журналiстаў, забiтых за прафэсiйную дзейнасьць, летась была найменшай у апошнiя гады, аднак значна вырасла колькасьць зьняволеных журналiстаў. Паводле штогадовай справаздачы Камiтэту ў абарону журналiстаў, летась у сьвеце было забiта 19 журналiстаў. Гэта найменшая лiчба з 1985 году, калi камiтэт пачаў свае справаздачы. Паводле камiтэту, асноўная прычына ў тым, што летась у сьвеце суцiшылася некалькi ваенных канфлiктаў. Таму большасьць журналiстаў у 2002 годзе былi забiтыя не на вайне, але за асьвятленьне карупцыi ды iншай крымiнальнай дзейнасьцi.
Колькасьць зьняволеных журналiстаў летась значна вырасла – найперш у Кiтаi. У Беларусi летась тры журналiсты былi асуджаныя да папраўчых работ – гэтак званай “хiмii”. Рэдактар гарадзенскай газэты “Пагоня” Мiкола Маркевiч i журналiст газэты Павал Мажэйка ўжо выйшлi на волю, а рэдактар газэты “Рабочы” Вiктар Івашкевiч працягвае адбываць пакараньне.