ВАШЫНГТОН
Міністр абароны ЗША Дональд Рамсфэльд заявіў сёньня, што рэжыму Садама Хусэйна засталіся лічаныя дні пасьля таго, як амэрыканскія і брытанскія войскі пачалі ваенную апэрацыю ў Іраку. Вайна пачалася сёньня раніцай, калі сілы саюзьнікаў выпусьцілі прынамсі 40 крылатых ракетаў і некалькі бомбаў на аб'екты, дзе, паводле Рамсфэльда, знаходзіцца ірацкае кіраўніцтва. Рамсфэльд заявіў падчас брыфінгу ў Пэнтагоне, што ірацкія войскі не павінны выконваць загад аб ужыцьці хімічнай і бактэрыялягічнай зброі супраць саюзьнікаў. Каля яны зробяць гэта, то будуць знойдзеныя і пакараныя як вайсковыя злачынцы. Міністр таксама заклікаў іракцаў не супраціўляцца амерыканскім і брытанскім сілам, што ўваходзяць у Ірак. Рамсфэльд таксама заявіў, што ЗША і Брытанія не жадаюць доўгай вайны. Паводле міністра, сілы саюзьнікаў застануцца ў Іраку толькі да таго моманту, як Садам Хусэйн будзе адрынуты ад улады.