БЯЛГРАД. Сэрбскі парлямэнт сёньня зацьвердзіў Зорана Жыўкавіча на пасадзе новага прэм’ер-міністра Сэрбіі замест забітага на мінулым тыдні Зорана Джынджыча. Жыўкавіча вылучыла кіроўная Дэмакратычная партыя. За яго прагаласавалі 128 з 250 дэпутатаў. У справе забойства прэм’ер-міністр Зорана Джынджыча сэрбскія сілы бясьпекі затрымалі ўжо звыш 750 чалавек. Пасьля забойства Джынджыча ў Сэрбіі было ўведзенае надзвычайнае становішча, якое дае спецслужбам адмысловыя правы затрымліваць і абшукваць дамы падазроных. Урад заяўляе, што лідары крымінальнага сьвету, хаўрусьнікі былых паліцэйскіх афіцэраў, арганізавалі забойства Джынджыча з мэтай дэстабілізацыі становішча ў краіне.