Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 21:22 ]  Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сёньня зьвернецца да нацыі


ВАШЫНТОН. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сёньня зьвернецца да нацыі а трэцяй гадзіне ўначы паводле беларускага часу. Тэмаю будзе ультыматум іракскаму лідару Садаму Хусэйну – пакінуць краіну альбо рыхтавацца да вайны. Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл заявіў сёньня, што “час для дыпляматыі прайшоў”. Паўэл заявіў, што Садам не жадае пазбаўляцца зброі масавага зьнішчэньня і што Ірак ад пачатку 90-х парушыў некалькі рэзалюцыяў ААН. Паўэл ухваліў Раду бясьпекі ААН за адзінагалоснае прыняцьцё летась у лістападзе рэзалюцыі з патрабаваньнем раззбраеньня Іраку. Аднак некаторыя сябры Рады бясьпекі не былі пасьлядоўнымі ў патрабаваньнях да Багдаду, -- адзначыў дзяржсакратар ЗША. Прадстаўнікі Францыі і Нямеччыны ў Радзе Бясьпекі ААН заявілі, што яны па-ранейшаму спадзяюцца на канчатковае дыпляматычнае вырашэньне Іракскай праблемы. Сёньня адбылася эвакуацыя з Іраку замежнага пэрсаналу і цывільных грамадзянаў. Нямеччына, Кітай, Індыя, Расея ды іншыя краіны зачынілі свае прадстаўніцтвы ў Багдадзе і заклікалі сваіх грамадзянаў пакінуць Ірак. Назіральнікі ААН на ірацка-кувэйтскай мяжы спынілі ўсю дзейнасьць у дэмілітарызаванай зоне. Кіраўнік МАГАТЭ Махамад Эль-Барадэй паведаміў, што Злучаныя Штаты параілі яму вывезьці ўсіх ваенных інспэктараў ААН з Ірака. Гэнэральны сакратар ААН Кофі Анан пацьвердзіў, што прызнаньне законнай хаця б якой вайсковай акцыі супроць Іраку быў бы пад сумлевам, калі ня будзе на тое падтрымкі Рады Бясьпекі ААН. Гэнэральны сакратар ААН выказаў шкадаваньне з нагоды таго, што дыпляматычныя захады дзеля мірнага вырашэньня Іракскай праблемы ня далі плёну. Біржавыя паказальнікі ў ЗША і Эўропе рэзка падвысіліся пасьля таго, як ЗША і яго саюзьнікі спынілі дыпляматычныя захады дзеля рэзалюцыі ААН, якая адобрыла б вайсковыя дзеяньні ў Іраку.
XS
SM
MD
LG