ВАШЫНТОН. Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл заявіў, што “час для дыпляматыі прайшоў”, і прэзыдэнт Буш сёньня запатрабуе ад Садама Хусэйна пайсьці ў адстаўку альбо ЗША і саюзьнікі пачнуць ваенныя дзеяньні супраць Іраку. Паўэл заявіў, што Садам не жадае пазбаўляцца зброі масавага зьнішчэньня і што Ірак ад пачатку 90-х парушыў некалькі рэзалюцыяў ААН. Паўэл ухваліў Раду бясьпекі ААН за адзінагалоснае прыняцьцё летась у лістападзе рэзалюцыі з патрабаваньнем раззбраеньня Іраку. Аднак некаторыя сябры Рады бясьпекі не пайшлі да канца ў патрабаваньнях да Багдаду, -- адзначыў дзяржсакратар ЗША. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сёньня зьвернецца да нацыі а трэцяй гадзіне ўначы паводле беларускага часу.