БЭЛГРАД. Сотні людзей сёньня прыйшлі да Дому сэрбскага ўраду, каб паставіць свой подпіс у кнізе спачуваньняў у зьвязку з забойствам прэм’ер-міністра краіны Зорана Джынджыча. Пахаваньне Зорана Джынджыча адбудзецца ў суботу.
Міра Маркавіч, жонка былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча, сёньня не зьявілася ў суд. Працэс пачаўся ў зьвязку з абвінавачваньнямі Маркавіч у абразе ўладаў. Юрыст Міры Маркавіч заявіў, што яна не атрымала позву ў суд. Раней Маркавіч мела парлямацкі імунітэт, які страціў сілу пасьля замены фэдэральнага парляманту асамблеяй Саюзу Сэрбіі і Чарнагорыі.
Сэрбская паліцыя сёньня арыштавала каля 40 сябраў крымінальнай групоўкі , якую падазраюць у арганізацыі нападу на Зорана Джынджыча. Аднак, па зьвестках паліцыі, як самі забойцы, так і кіраўнік групоўкі Міларад Лукавіч, пакуль ня знойдзеныя. Кіраўнік белградскай паліцыі паведаміў, што забойцаў было тры – два зь іх з пісталетамі, а адзін – са снайпэрскім ружжом.