Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 07:05 ]  Працягваюцца дыпляматычныя высiлкi вакол Іраку


Сёньня працягваюцца шматлiкiя дыпляматычныя намаганьнi вакол iрацкага крызысу. Канцлер Нямеччыны Гергард Шродэр наведвае Маскву, дзе абмяркуе сытуацыю вакол Іраку з прэзыдэнтам Расеi Ўладзiмiрам Пуцiным. Францыя, Нямеччына i Расея заклiкаюць Раду бясьпекi ААН да больш актыўных iнспэкцыяў у Іраку замест ваенных дзеяньняў. Яны прапануюць падоўжыць тэрмiн iнспэктаваньня прыкладна на чатыры месяцы. Прэм’ер-мiнiстар Вялiкай Брытанii Тонi Блэр ужо назваў гэты плян непрымальным. Галоўны ваенны iнспэктар ААН Ганс Блiкс учора заявiў, што Ірак дэманструе жаданьне да супрацоўнiцтва, прапанаваўшы iнспэкцыi ААН дакумэнты аб сваiх ранейшых збройных праграмах. Блiкс кажа, што Ірак прадставiў лiсты датычна лiквiдацыi зброi масавага зьнiшчэньня ў 1991 годзе. Паводле Блiкса, прадстаўнiкi Іраку паведамiлi, што знайшлi бомбу R-400 зь нейкай вадкасьцю ў мясцовасьцi дзе раней зьнiшчалася хiмiчная зброя. Тым часам у Вашынгтоне прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявiў, што Ірак можа пазьбегнуць вайны толькi калi цалкам раззброiцца. Паводле Буша, другая раэзалюцыя Рады бясьпекi ААН, якая б дазволiла ваенныя дзеньня супраць Іраку, пажаданая, але неабавязковая. ЗША, Вялiкая Брытанiя i Гiшпанiя прадставiлi праект новай рэзалюцыi Рады бясьпекi ААН у панядзелак. У праекце гаворыцца, што Ірак змарнаваў апошнюю магчымасьць мiрна раззброiцца. Амэрыканскi генэрал Эрык Шынсэкi сказаў падчас слуханьняў у Кангэсе ЗША, што магчымае акупацыйнае войска ў пасьляваенным Іраку можа налiчваць некалькi соцень тысячаў чалавек. Паводле генэрала, войска павiнна быць дастаткова вялiкiм, каб падтрымлiваць бясьпеку ў краiне, дзе магчымыя сутыкненьнi памiж этнiчнымi групамi ды iншыя праблемы.
XS
SM
MD
LG