НІКАСІЯ. Генэральны сакратар ААН Кофi Анан накiроўваецца на Кiпр. Ён спрабуе наладзiць перамовы аб аб’яднаньнi гэтай выспы, падзеленай на дзьве часткi.
Выступаючы ўчора ў Атэнах, Анан сказаў, што спадзяецца на хуткае пераадоленьне рознагалосьсяў. Ён аднак папярэдзiў лiдэраў грэцкай i турэцкай частак Кiпру, што час хутка сыходзiць i можна згубiць гiстарычны шанец на аб’яднаньне пасьля 29-гадовага падзелу.
Сёньня Анан мае прадставiць лiдэрам дзьвюх частак Кiпру канчатковы варыянт мiрнага пляну ААН. Аднак абодва бакi маюць свае пярэчаньнi супраць гэтага пляну.
Кiпрыётаў-грэкаў турбуе пункт, якi дазволiць вярнуцца на выспу толькi 20 тысячам уцекачоў, якiя пакiнулi Кiпр, пасьля таго, як Турэччына акупавала яго паўночную частку. Лiдэр кiпрыётаў-туркаў Раўф Дэнкташ настойвае на мiжнародным прызнаньнi турэцкай часткi Кiпру.