ВАШЫНГТОН. Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш сказаў, што ірацкі лідар Садам Хусэйн павінен перастаць падманываць Арганізацыю Аб’еднаных Нацыяў адносна таго, ці мае Ірак зброю масавага зьнішчэньня. Пры гэтым Буш падкрэсьліў, што час грае супраць Садама. У той самы час Францыя, Нямеччына і Вялікая Брытанія паўтарылі, што якое б ні было ўжываньне сілы супраць Іраку спачатку павінна быць ухваленае ААН. Гэнэральны Сакратар ААН Кофі Анан сказаў, што ціск на Ірак трэба працягваць, каб раззброіць яго без ужываньня сілы. Анан заявіў, што ААНаўскія інспэктары толькі пачалі кантроль на поўную сілу, і падкрэсьліў, што Рада Бясьпекі павінна будзе вызначыць ці зрабіў Ірак парушэньні, якія могуць прывесьці да вайны.