МАСКВА. Міністар унутраных справаў Расеі Барыс Грызлоў заявіў, што сёньня ў Маскве былі арыштаваныя некалькі дзясяткаў чалавек. Іх падазраюць у дапамозе чачэнскім ваяўнікам, якія на мінулым тыдні ўзялі каля 800 закладнікаў у маскоўскім тэатры. Сёньня ж расейскі міністар абароны Сяргей Іваноў заявіў, што Расея распрацоўвае новы нацыянальны плян бясьпекі, бо, паводле ягоных словаў, растуць пагрозы з боку тэрарыстаў, у тым ліку і звонку. Аднак Іваноў дадаў, што Расея плянуе зьменшыць колькасьць войскаў у Чачэніі
Тым часам у Маскве пачаліся пахаваньні ахвяраў, якія загінулі ў захопленым чачэнскімі ваяўнікамі тэатры. Калі расейскія сілы ў суботу ўзялі тэатар штурмам, двое закладнікаў загінулі ад ранаў; а яшчэ 115 – ад невядомага ўсыпляльнага газу, які скарысталі спэцлужбы. Прадстаўнікі маскоўскіх шпіталяў кажуць, што сёньня былі выпісаныя яшчэ 333 былыя закладнікі. У шпіталях застаюцца яшчэ 311 чалавек.
Прадстаўнік Чачэніі ў расейскай Дзярждуме Асланбек Аслаханаў кажа, што чачэнцы ў Маскве робяцца ахвярамі перасьледу – іх спыняюць, абшукваюць і прымушаюць фатаграфавацца ды здаваць адбіткі пальцаў.