ПАРЫЖ. Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак і фэдэральны канцлер Нямеччыны Гергард Шродэр ня здолелі вырашыць супярэчнасьці ў падыходах да субсыдыяў сельскай гаспадарцы. Два лідэры сустракаліся ўчора ўвечары ў Парыжы.
Шродэр кажа, што дамоўленасьці аб субсыдыях не атрымаецца дасягнуць на саміце Эўрапейскага зьвязу ў Брусэлі на наступным тыдні. На саміце плянуецца абмеркаваць, якім чынам будзе фінансавацца пашырэньне Эўразьвязу. Нагадаем, што ўжо на пачатку 2004 году да Эўразьвязу маюць далучыцца 10 новых краінаў, у тым ліку суседзі Беларусі – Латвія, Літва ды Польшча.
Нямеччына кажа, што цяперашнюю сыстэму субсыдыяў сельскай гаспадарцы ў Эўразьвязе нельга пашыраць на новыя 10 краінаў, бо на гэта проста ня хопіць грошай. Менавіта Нямеччына робіць найбольшы ўнёсак у бюджэт Эўраўзьвязу. Таму нямецкае кіраўніцтва спрабуе пераканаць Францыю, якая найбольш выйграе ад субсыдыяў, скараціць іх. Але францускі прэзыдэнт Шырак настойвае на тым, каб цяперашняя сыстэма захавалася да 2006 году.