Ерусалім. У горадзе Рамаллах на Заходнім беразе Ярдану сёньня пачынаецца сэсыя заканадаўчага сходу палестынскай аўтаноміі, якая не зьбіралася апошнія два гады, з пачатку цяперашняга палестына-ізраільскага канфлікту. Учора ўлады Ізраілю не дапусьцілі ў Рамаллах 12 дэпутатаў сходу з сэктара Газа, абвінаваціўшы іх у сувязях з тэрарыстамі.
Выступаючы на сэсыі палестынскі лідэр Ясір Арафат заявіў, што асуджае акты тэрору ў адносінах да цывільных ізраільцянаў. Паводле Арафата палестынцы выступаюць супраць любых формаў тэрарызму, у тым ліку і ўрадавага, бо самі з’яўляюцца ахвярамі тэрору.
Палестынскі лідэр заявіў, што гатовы сыйсьці ў адстаўку – калі яму знойдуць годную замену.
Сёньня ізраільскія танкі ўвайшлі ў шэраг палестынскіх паселішчаў і лягераў уцекачоў у сэктары Газа. У перастрэлцы былі параненыя ня меньш як трое палестынцаў.
Сёньняшняя апэрацыя стала адказам на мінаметны абстрэл габрэйскіх паселішчаў.