БАКУ. Прадстаўнікі афіцыйнага інфармацыйнага цэнтру рэфэрэндуму паведамілі, што папраўкі да канстытуцыі Азэрбайджану, якія выносіліся ўчора на плебісцыт, прынятыя пераважнай бальшынёй насельніцтва краіны. Паводле папярэдніх дадзеных, пасьля падліку 88% бюлетэняў, за папраўкі прагаласавалі каля 97% грамадзянаў. Усяго ўдзел у рэфэрэндуме ўзялі 90 адсоткаў жыхароў краіны. Азэрбайджанская апазыцыя, якая байкатавала рэфэрэндум, заяўляе пра шматлікія парушэньні ў часе галасаваньня. Апазыцыянэры ўпэўненыя, што прэзідэнт Гейдар Аліеў прапанаваў унесьці папраўкі ў Канстытуцыю дзеля таго, каб ягоны сын, Ілхам, мог лягчэй заняць прэзідэнцкую пасаду па адстаўцы бацькі.
Паводле прапанаваных паравак, прэзідэнта можна будзе абіраць простай бальшынёй галасоў, а не дзьвума трацінамі, як цяпер, а ў выпадку датэрміновай адстаўкі, паўнамоцтвы прэзідэнта перадаваць прэм’ер-міністру, а не кіраўніку парляманту. Дэмакратычная партыя Азэрбайджану заявіла, што абскардзіць вынікі рэфэрэндуму ў Эўрапэйскім Трыбунале ў правох чалавека.