БЭРЛІН. Урад Нямеччыны паведамiў, што заплянаваныя на будучы год скарачэньнi падаткаў адкладаюцца, паколькi неабходныя сродкi на лiквiдацыю наступстваў катастрафiчнай паводкi. Паводле апошнiх дадзеных, у вынiку стыхii ў Нямеччыне загiнулi 19 чалавек. Чэскi прэм’ер-мiнiстар Владзiмiр Шпiдла паведамiў, што страты ад паводкi ў Чэхii складаюць каля 3-х мiльярдаў эўра. Мiнiстэрства абароны Чэхii адмовiлася ад плянаў купiць 24 найноўшыя звышгукавыя зьнiшчалькi. Гэтыя грошы пойдуць на лiквiдацыю наступстваў катастрофы. Эўрапейскi Зьвяз абвесьцiў пра сваю дапамогу Чэхii i Славаччыне, хоць гэтыя краiны пакуль не зьяўляюцца сябрамi Зьвязу.