ЕРУСАЛІМ. Палестынскi лiдэр Ясiр Арафат сёньня падкрэсьлiў сваё расчараваньне тым, што Злучаныя Штаты не падтрымалi рэзалюцыю Арганiзацыi Аб’еднаных Нацыяў у блiзкаўсходняй напружанасьцi. Учора ўвечары арабскiя краiны высунулi на разгляд праэкт рэзалюцыi з асуджэньнем iзраiльскiх ваенных дзеяньняў. Прадстаўнiк ЗША ў ААН Джон Неграпонтэ заявiў на зачыненым паседжаньнi Рады Бясьпекi, што рэзалюцыя аднабаковая i што яна павiнна ўтрымваць таксама асуджэньне палестынскiх тэрарыстычных груповак, чые дзеяньнi выклiкалi iзраiльскiя атакi ў адказ. На думку ЗША, рэзалюцыя павiнна таксама заклiкаць бакi блiзкаўсходняга канфлiкту да палiтычнага ўрэгуляваньня, а ў якасьцi ўмовы вываду iзраiльскiх войскаў з тэрыторыi Палестынскай аўтаномii павiнна быць названым паляпшэньне сытуацыi зь бясьпекай.
Учора ўвечары ў вынiку нападу на аўтамабiлi гэбрайскiх пасяленцаў ля гораду Гэброн на Заходнi беразе Ярдану былi забiтыя чацьвёра iзраiльцаў, трое – параненыя. Адказнасьць узяла на сябе экстрэмiсцкая групоўка “Брыгады пакутнiкаў Аль-Аксы”.