ЕРУСАЛІМ. Палестынскія экстрэмісты не спыняюць нападаў на ізраільцаў. Сёньня ў Паласе Газа на мяжы з Эгіптам быў абстраляны з засады ізраільскі патруль. Паранены вайсковец. У гэтай жа паласе зь мінамётаў абстралянае гэбрайскае паселішча Нэвэ Дэкалім. Ахвяраў няма. На Заходнім беразе Ярдану ў раёне Тулькарма адбылася перастрэлка, у якой адзін палестынец быў паранены. Учора ў Ерусаліме адбыўся напад на ізраільскага паліцыянта – ён паранены.
Тым часам, нягледзячы на інцыдэнты, перамовы паміж уладамі Ізраілю і Палестынскай аўтаноміі набываюць усё больш інтэнсыўны характар. У апошнія дні міністар замежных справаў Ізраілю Шымон Пэрэс двойчы сустракаўся з палестынскімі міністрамі. На наступным тыдні, паводле паведамляньняў палестынскага боку, заплянаваныя перамовы ў болей шырокім складзе.