ЕРУСАЛІМ. Ізраільскае войска пры падтрымцы танкаў увайшло ў палестынскую частку места Гэброн на Заходнім беразе Ярдану. У месьце ўведзеная камандантская гадзіна. Сёньня раніцай у ваколіцах Гэброну, у выніку абстрэлу аўтамабілю, былі параненыя два ізраільцы. Сёньня ж ізраільскае войска правяло апэрацыю пошуку тэрарыстаў у месьце Джэнін. Тым часам палестынскі лідэр Ясір Арафат сустрэўся ў сваёй рэзыдэнцыі ў Рамале з дырэктарам ЦРУ ЗША Джорджам Тэнэтам. Яны абмеркавалі прапанаваны Арафатам плян рэарганізацыі палестынскай службы бясьпекі, якую мяркуецца скараціць удвая і ўзмацнеіць над ёй кантроль. ЗША і Эўразьвяз дамагаюцца рэформы ўсіх уладных структураў Палестынскай аўтаноміі, у тым ліку і спэцслужбаў. Ізраіль заяўляе, што адновіць мірныя перамовы з палестынцамі толькі пасьля спыненьня тэрору і радыкальнай зьмены ўсёй уладнай структуры аўтаноміі. Сёньня прэзыдэнт ЗША Буш запрасіў прыехаць у Вашынгтон прэм’ер-міністра Ізраілю Арыэля Шарона. Сустрэча адбудзецца ў панядзелак. Гэта будзе шосты візыт Шарона ў ЗША ў гэтым годзе.