ВАШЫНГТОН. Міністр юстыцыі ЗША Джон Эшкрафт учора заявіў аб істотным пашырэньні паўнамоцтваў амерыканскага Федэральнага бюро расьледваньняў. Гэтае пашырэньне тлумачыцца неабходнасьцю больш эфектыўнай барацьбы з тэрарызмам. Са словаў Эшкрафту вынікае, што фактычна адмяняюцца прынятыя 25 гадоў таму ўрадавыя пастановы, якія абмяжоўвалі дзейнасьць ФБР. У адпаведнасьці з новымі рашэньнямі, агентам бюро будзе дазволена кантраляваць інтэрнэтаўскія сайты і палітычныя арганізацыі, а таксама назіраць,напрыклад, ў мячэцях і храмах без папярэдняга дазволу. Дырэктар ФБД Робэрт Мюллер вітаў скасаваньне, як ён сказаў, “ бюракратычных перашкодаў” ў барацьбе з тэрарызмам.
Аналягічныя пастановы прыняў сёньня Эўрапейскі парлямант. Ад амерыканскіх яны адрозьніваюцца тым, што эўрапейскія інтэрнатаўскія кампаніі будуць вымушаныя даваць неабходную інфармацыю ў адказ на легальны запыт.
Гэтыя парляманцкія пастановы яшчэ павінны быць зацьверджаныя 15 краінамі Эўразьвязу.
Праваабаронцы ў розных краінах папярэджваюць, што такія крокі прывядуць да істотнага абмежаваньня права кожнага чалавека на прыватнае жыцьцё.