12* ДЖЭНІН (Палестынская аўтаномія). Сёньня раніцай ізраільскае войска пры падтрымцы гэлікоптараў увайшло ў места Джэнін на Заходнім беразе Ярдану. Паведамляецца, што ў месьце ідуць перастрэлкі паміж ізраільскімі вайскоўцамі і палестынцамі. Учора ж ізраільскае войска ізноў заняло ды абвесьціла каманданцкую гадзіну ў местах Калькільія і Тулькарм, а таксама ўвайшло ў Бэтліем, дзе правяло арышты. Уваход у Джэнін адбыўся пасьля таго як недалёка ад Тэль Авіву палестынскі тэрарыст-самагубца выбухнуў бомбу. 2 чалавекі загінулі і 27 былі параненыя. Адказнасьць узяла на сябе палестынская групоўка “Брыгады пакутнікаў Аль Аксы”, чые прадстаўнікі заявілі, што выбух быў помстай за сьмерць трох ваяўнікоў забітых ізраільцамі ў мінулым тыдні. Палестынскі лідар Ясір Арафат зганіў тэракт і сказаў, што ён прынёс толькі шкоду.