Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 11:35 ]  Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі прыехаў у Пакістан


ДЭЛІ/ІСЛЯМАБАД. Сёньня для разьвязаньня інда-пакістанскага канфлікту ў Іслямабад прыехаў міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэк Стро. Пасьля сустрэчаў з пакістанскімі лідарамі ён накіруецца ў Дэлі. Тым часам на мяжы паміж Індыяй і Пакістанам адбыліся новыя інтэнсыўныя перастрэлкі. Яны пачаліся праз некалькі гадзінаў пасьля выступу пакістанскага прэзыдэнта Пэрвэза Мушарафа, прысьвечанага сытуацыі ў Кашміры. Мушараф заявіў, што ягоная краіна не жадае вайны з Індыяй, але гатовая ў разе патрэбы “абараняцца да апошняй кроплі крыві”. Паводле Мушарафа, Іслямабад не падтрымлівае іслямскіх экстрэмістаў, якія дзейнічаюць у Кашміры і ня мае нічога супольнага зь іхнай тэрарыстычнай дзейнасьцю. Паводле пакістанскай прэсы, магчыма, ужо сёньня Пакістан правядзе новыя выпрабаваньні балістычных ракетаў сярэдняга і блізкага радыюсу дзеяньня. У мінулыя выходныя прайшлі дзьве сэрыі такіх выпрабаваньняў. На інда-пакістанскай мяжы ў Кашміры знаходзяцца блізу аднаго мільёну вайскоўцаў. Прэм’ер-міністар Індыі Атал Ваджпаі днямі ізноў абвінаваціў Пакістан у падтрымцы кашмірскіх незалежнікаў і заявіў, што “трываньне ягонай краіны на зыходзе”.
XS
SM
MD
LG