РЭЙК’ЯВІК. Сёньня, на наступны дзень пасьля ўтварэньня адмысловай Рады НАТА-Расея, міністры замежных справаў НАТА закончаць сустрэчу ў сталіцы Ісляндыі. 19 міністраў сустрэнуцца са сваімі калегамі з дзевяці краінаў, якія спадзяюцца атрымаць сяброўства ў НАТА ў часе сустрэчы на вышэйшым узроўні, якая пройдзе ў лістападзе ў Празе. Учора, пасьля стварэньня новай Рады Гэнеральны сакратар НАТА Джордж Робэртсан заявіў, што новая структура дазволіць Расеі як “роўнаму партнэру” супрацоўнічаць разам з краінамі альянсу ў пытаньнях барацьбы з тэрарызмам, зброі масавага зьнішчэньня і антыкрызіснага кіраваньня. Робэртсан паведаміў, што Расея і НАТА захаваюць права прыняцьця аўтаномных пастановаў. Ігар Іваноў заявіў, што Расея разглядае ўтвораную Раду як найбольш важны элемэнт у пабудове бясьпекі Эўропы.