Тэль-Авіў. Ізраільскі ўрад прыняў рашэньне прыпыніць супрацоўніцтва з місыяй ААН, якая павінна расьследваць дзеяньні ізраільскіх вайскоўцаў у Джаніне на Заходнім беразе Ярдану.
Прычынай гэтага рашэньня названая недастатковая вызначанасьць мэтаў, якія мае ААН-аўская місыя.
Тым ня меньш, урад Ізраілю заявіў, што мае намер працягваць кансультацыі з ААН.
Міністар замежных справаў Ізраілю Шымон Пэрэс праінфармаваў кіраўніка дэлегацыі ААН Карнэлію Самаругу, што прыбыцьцё місыі немэтазгоднае.
Адначасна ізраільскі ўрад дазволіў групе амэрыканскіх і брытанскіх адмыслоўцаў прыбыць для суправаджэньня шасьцёх палестынцаў, якіх абвінавачваюць у забойстве міністра турызму Ізраілю Рэхавэма Зээві. Палестынцы хаваюцца ў Рамале, у рэзыдэнцыі лідара Палестынскай аўтаноміі Ясіра Арафата. У тым выпадку, калі яны будуць выдадзеныя, Ізраіль дапускае магчымасьць зьняцьця аблогі з рэзыдэнцыі.