ЕРУСАЛІМ
Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл сёньня закончыў сваю блізкаўсходнюю мірную місію сустрэчай у Каіры з міністрамі замежных справаў Егіпту і Ярданіі. Раней сёньня на прэсавай канферэнцыі ў Ерусаліме Паўэл сказаў, што да перамір’я паміж Ізраілям і палестынцамі ўсё яшчэ даволі далёка, пакуль у рэгіёне працягваецца гвалтоўнае процістаяньне. Пасьля сустрэчы з палестынскім лідэрам Ясірам Арафатам Паўэл адзначыў, што Арафат павінен больш энэргічна выступіць супраць тэрарызму, а Ізраіль мусіць закончыць сваю ваенную аперацыю на палестынскіх тэрыторыях. Паўэл дадаў, што прэм’ер Ізраілю Шарон прадставіў яму агульны плян вываду ізраільскіх сілаў, аднак не назваў ніякіх датаў. Паводле прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, дзяржсакратар Паўэл дасягнуў пэўнага прагрэсу ў справе міру ў рэгіёне. Буш зноў заклікаў арабскія краіны прадпрыняць больш рашучыя крокі ў барацьбе з тэрарызмам на Блізкім Ўсходзе.