ВАШЫНГТОН. Дырэктар Цэнтральнай выведнай управы ЗША Джордж Тэнэт заявіў, што Расея стала вядучым пастачальнікам перадавых тэхналёгіяў для краінаў, якія імкнуцца распрацаваць зброю масавага зьнішчэньня. У часе ўчорашняга выступу ў Сэнаце Тэнэт сказаў, што расейскія кампаніі даюць іншым краінам тэхналёгіі, якія могуць ужывацца ў часе распрацоўкі хімічнай, біялягічнай ды ядзернай зброі, а таксама ў часе распрацоўкі праектаў балістычных і крылатых ракетаў. Паводле Тэнэта Расея дае значную дапамогу Ірану амаль на ўсіх стадыях ядзернага паліўнага цыклю, а таксама ў праграме распрацоўкі балістычных ракетаў вялікай дальнасьці. Апрача гэтага Тэнэт назваў Кітай і Паўночную Карэю распаўсюджвальнікамі ракетных тэхналёгіяў. Ён сказаў, што Кітай ёсьць асноўным пастачальнікам ракетных тэхналёгіяў Пакістану, Ірану і іншым краінам, а Паўночная Карэя экспартуе гатовыя балістычныя ракеты.