БЭРЛІН. Міністар замежных справаў Пакістану Абдул Сатар, які знаходзіцца зь візытам у Нямеччыне, пасьля перамоваў зь нямецкім міністрам замежных справаў Ёшкам Фішэрам заявіў, што пакістанскія службы бясьпекі маюць доказы далучанасьці Індыі да выкраданьня амэрыканскага журналіста Даніэля Пэрла. Гэта – запісы тэлефонных размоваў Пэрла з трыма высокімі чыноўнікамі ўраду Індыі. Міністар не назваў іхныя імёны, але паведаміў, што запісы атрыманыя ад чалавека, які быў арыштаваны ў часе расьследаваньня.
Карэспандэнт “Уол Стрыт Джорнэл” быў выкрадзены ў Пакістане мінулым тыднем. Яму пагражаюць сьмерцю, калі ў Пакістан ня будуць вернутыя ісьлямісты, якія ўтрымліваюцца на амэрыканскай базе ў затоцы Гуантанама. Сёньня скончыўся другі дзень ультыматуму. Пра лёс журналіста пакуль не паведамляецца.
Сёньня ж прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што адсочваецца ўся электронная пошта, якая можа дапамагчы знайсьці журналіста.