ГАВАНА. Паводле паведамленьняў з Кубы, міністар абароны гэтай краіны Рауль Кастра пацьвердзіў, што расейская станцыя электроннага сачэньня, якая дзейнічала на Кубе за часы Халоднай вайны, спыніла сваю працу. Рауль Кастра, брат кубінскага лідэра Фідэля, паведаміў, што станцыя ў Люрдэсе спыніла дзейнасьць 29 сьнежня. Усе антэны на станцыі былі дэмантаваныя, і ў Люрдэсе застаецца толькі некалькі расейскіх вайскоўцаў, якія рыхтуюць апаратуру для транспартаваньня ў Расею. Пра закрыцьцё станцыі зь фінансавых прычынаў летась паведаміў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. За магчымасьць карыстацца базай Куба атрымвала ад Расеі сотні мільёнаў даляраў. Станцыя вяла сачэньне за амэрыканскімі аб’ектамі на працягу амаль 40 гадоў.