ПРЫШТЫНА. Неапазнаныя нападнікі некалькімі стрэламі забілі этнічнага альбанца, сябра парлямэнту ў Косаве.
Прадстаўнікі ААН паведамілі, што Смаджл Хаджарадж, дэпутат нядаўна абранага косаўскага парлямэнту, быў забіты некалькімі стрэламі мінулай начы перад сваім домам у населеным пункце Печ, што на захадзе Косава.
Нападнікі ўцяклі і пакуль што не затрыманыя.
Матывы нападу невядомыя.
Хаджарадж, этнічны альбанец, былы партызанскі змагар, быў сябрам партыі Дэмакратычная Ліга Косава на чале зь Ібрагімам Руговам. Партыя мае 47 са 120 месцаў у Косаўскай асамблеі. Ругова балятаваўся ў парлямэнце на пасаду прэзыдэнта Косава, але пакуль што ня выйграў выбары.
Учора ў Нью-Ёрку генэральны сакратар ААН Кофі Анан заклікаў новаабраных дэпутатаў косаўскага парлямэнту вырашыць міжусобныя спрэчкі і адкрыта адмовіцца ад гвалту і тэрарызму.