Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 20:12 ]  У індыйскай частцы Кашміру адбыўся тэрарыстычны акт


СЬПІНАГАР, ІНДЫЯ. Прынамсі адзін паліцэйскі афіцэр быў забіты і 22 чалавекі параненыя падчас тэрарыстычнага акту ў індыйскай частцы Кашміру. Каля будынку парлямэнту штату ўзарваліся дзьве гранаты. Паводле індыйскай паліцыі, напад зроблены іслямскімі экстрэмістамі, якія базуюцца ў Пакістане. Гэты тэракт можа яшчэ больш абвострыць крызыс у адносінах паміж Індыяй і Пакістанам, які распачаўся пасьля тэрарыстычнага нападу на парлямэнт у Дэлі 13 сьнежня. Тым часам, на індыйска-пакістанскай мяжы ў Кашміры працягваюцца перастрэлкі. Пакістан выказаў гатовасьць уступіць у дыялёг зь Індыяй, але прэм’ер-міністар Індыі Ваджпаі адрынуў магчымасьць перамоваў ва ўмовах рэзкага абвастрэньня адносінаў. Міністры замежных справаў Пакістану і Індыі прыбылі сёньня на сустрэчу кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў пяці краінаў Паўдзённай Азіі, што распачалася ў Катманду. Інфармацыі пра нейкія кантакты міністраў Індыі і Пакістану пакуль няма. Тым часам, прэзыдэнт Джордж Буш патэлефанаваў брытанскаму прэм’ер-міністру Тоні Блэйру. Лідэры дзьвюх краінаў абмеркавалі магчымыя сумесныя высілкі ва ўрэгуляваньні індыйска-палястынскага канфлікту. Чакаецца, што Тоні Блэйр бліжэйшым часам наведае рэгіён. Занепакоенасьць сытуацыяй выкліканая яшчэ і тым, што канфліктуючыя краіны маюць ядзерную зброю.
XS
SM
MD
LG