ЕРУЗАЛІМ. Палястынскія ўлады заклікалі ЗША вярнуць на Блізкі Усход свайго адмысловага пасланца Энтані Зіні, каб распачаць рэалізацыю прапановаў па забесьпячэньні міру з Ізраілем.
Зіні пакінуў рэгіён у сярэдзіне гэтага месяцу, калі ўзмацнілася палястынска-ізраільская напружанасьць. Тады Вашынгтон заявіў, што ён вернецца на Блізкі Ўсход толькі пасьля таго, як зьменіцца да лепшага сытуацыя з выкананьнем умоваў замірэньня.
Учора палястынскі лідэр Ясір Арафат зноў заявіў, што ізраільскі прэм’ер-міністар Арыэль Шарон не жадае дасягеньня міру з палястынцамі.
Арафат гэтак адказаў на заяву Шарона, што паміж Ізраілем і палястынцамі ня будзе ніякіх дыпляматычных перамоваў, пакуль канчаткова ня будуць спыненыя тэрарыстычныя атакі на ізраільцаў. Ізраіль зьняў аблогу горада Бітлеема на Заходнім беразе Ярдану, але абмежаваньні на перамяшчэньне палястынцаў у іншых раёнах захоўваюцца.
Ізраільскія вайскоўцы застрэлілі ўчора ў Паласе Газа ўзброенага мужчыну, датычнага да экстрэмісцкай групоўкі “Іслямскі Джыгад”. Ізраіль паведамляе, што гэты чалавек падазраваўся ў падрыхтоўцы да самагубчага тэракту.
У горадзе Рамалах на Заходнім беразе Ярдану пяцёра палястынцаў былі параненыя ў часе сутычак зь ізраільскімі вайскоўцамі.