ДЭЛІ. Эскаляцыя канфрантацыі паміж Індыяй і Пакістанам, якая распачалася пасьля нападу тэрарыстаў-самагубцаў на індыйскі парлямэнт 13 сьнежня, працягваецца. Дзьве краіны абмяняліся дыпляматычнымі санкцыямі.
Колькасьць пакістанскіх дыпляматаў у Індыі скарачаецца напалову. Іхныя перамяшчэньні па тэрыторыі краіны абмежаваныя. Уведзеная забарона на выкарыстаньне пакістанскімі авіялініямі індыйскай паветранай прасторы. Пакістан у адказ заявіў пра ўвядзеньне падобных санкцыяў да Індыі.
Абедзьве краіны паведамляюць, што іх войскі канцэнтруюцца ўздоўж супольнай мяжы. На спрэчнай тэрыторыі Кашмір адбыліся перастрэлкі. Ракетныя войскі абедзьвюх краінаў знаходзяцца ў стане павышанай боегатовасьці.
Міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд заявіў, што Злучаныя Штаты папярэдзілі Індыю і Пакістан, што іх супрацьстаяньне шкодзіць вайне супраць тэрарызму, якую ачольваюць ЗША.
Міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Джэк Строў паведаміў, што ён мае інтэнсыўныя кантакты з афіцыйнымі асобамі Індыі, Пакістану і ЗША, каб запабегчы вайне.